Адрас:

г. Лагойск, вул. Савецкая, 15

Телефон/Факс:

+375 (1774) 5-51-41

Рэжым работы :

У працоўныя дні – з 8.30 да 17.30

абед – з 13.00 да 14.00

Спадчына Тышкевічаў

Замчышча

Цэнтрам старажытнага Лагойска з'яўляецца замчышча, або Замкавая гара. Яна знаходзіцца на правым беразе ракі Гайна ў Лагойскім парку. Цяпер гэта гарадскі парк культуры і адпачынку. На высокім земляным вале стаяла добра ўмацаваная крэпасць. Лагойскі замак быў магутнай цытадэллю на паўднёвых межах Полацкага княства. Сам жа замак узвышаўся на 25,5 м над поймай ракі, займаў плошчу 1,5 га. Быў умацаваны землянымі валамі, вышынёй 11 м з дубовай агароджай. Яго акружаў роў глыбінёй 22 м і шырынёй 32 м. Ён запаўняўся вадой з ракі і прыбярэжных крыніц. З паўднёвага боку праз роў перакідваўся пад'ёмны мост на жалезных ланцугах (там, дзе зараз уезд на пляцоўку). Тут размяшчалася брама. А на грабянях валоў узвышаліся непрыступныя драўляныя сцены з дазорнымі вежамі. Першапачаткова ўмацаваны цэнтр горада, яго дзядзінец, быў, напэўна, удвая меншы, чым плошча сучаснага замчышча ў Лагойскім парку. Згодна са звесткамі пісьмовых крыніц, у канцы XIV ст. замак у Лагойску пашыраны быў князем Вітаўтам, пазней перабудоўваўся некалькі разоў. Археалагічныя раскопкі пацвердзілі, што Лагойск узнік некалькі раней, чым звесткі аб ім патрапілі ў пісьмовыя крыніцы.

Палац Тышкевічаў

Архіўныя дакументы канца XVIII ст. сведчаць аб тым, што ў тыя часы ў Лагойску існаваў рынак, вуліцы Віленская, Мікольская, Спаская і прадмесце.
Асаблівага росквіту Лагойск дасягнуў у XIX ст. У 1801 г. граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч стаў адзіным паўнаўладным уладальнікам лагойскага маёнтка. У 1815 г. ён пабудаваў двухпавярховы мураваны палац у стылі класіцызму. Уяўленне аб палацы даюць акварэль Н. Орды (1864 – 1876 г.), літаграфія 1883 г. і фотаздымак 30-х гадоў ХХ ст. Манументальны будынак быў узняты на высокі цокаль прастакутнай формы (70х20 м). На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стойня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каля палаца быў заснаваны парк. Аб'ёмную кампазіцыю палаца фармавалі тры злучаныя паміж сабой часткі: сярэдняя 2-павярховая і дзве бакавыя аднапавярховыя. Сярэдні корпус палаца на фасадзе вылучаўся глыбокім шасцікалонным порцікам. Яго рассунутыя калоны па цэнтры фланкіравалі шырокі цэнтральны праезд і бакавыя пандусныя праезды. Калоны неслі гладкі антаблемент з карнізам і 2-ярусны прастакутны атык з трохкутным франтонам у завяршэннi - тыповая ампірная форма.

З паркавага боку ля палаца вельмі добра праглядаўся паўкруглы эркер з шасцю прысценнымі калонамі і закругленым ацікам у завяршэнні. Вакол эркера, узнятага на высокі, цокальны паўпавярх, праходзіла назіральная тэраса са спускамі, з якой адчыняліся паркавыя пейзажы. Усе часткі палаца былі накрыты двухсхільным дахам.
Парадныя апартаменты палаца нагадвалі музейную анфіладу. Тут у 2-х вялізных даўгаватых залах былі прадстаўлены рэчы з багатага музейнага збору. Мастацкае афармленне інтэр'ераў было выканана ў стылі ампір. Мяркуецца, што гэтыя залы знаходзіліся на 1-м паверсе бакавых крылаў палаца.
Пад музейную экспазіцыю былі адведзены залы-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага паўкруглага эркера. Яшчэ і зараз пад руінамі палаца праглядаюцца вялікія скляпеністыя падвалы.
У 1840 г. Лагойск быў невялікім мястэчкам, у цэнтры якога знаходзіўся рынак, які ўзнік на скрыжаванні галоўнай артэрыі руху і меншай вуліцы. З трох бакоў рынак быў забудаваны дамамі рамеснікаў. Асноўнай вуліцай мястэчка была Віленская, якая ішла да рынку. З процілеглага боку да рынка падыходзіла вуліца Плешчаніцкая. На замак ад рынку вяла вуліца Замкавая. У супрацьлеглым напрамку вуліцы Замкавай ад рынка пачыналася вуліца Спаская. Ад вуліцы Плешчаніцкай амаль паралельна Гайне ішла вуліца Мікольская.

Парк каля палаца Тышкевічаў

Адначасова з будаўніцтвам палаца быў высаджаны «Англійскі парк» пейзажнага тыпу ўздоўж правага берага р. Гайна на плошчы 6,2-10 га. Фарміраванню парка ў духу рамантызму садзейнічалі гістарычныя асаблівасці яго тэрыторыі, якія звязаны з існаваннем тут умацаванага каменнага замка. Праз парк працякаў ручай з перакінутым праз яго каменным арачным мостам. Перад ім пры ўездзе ў парк, справа ад палаца, стаяла невялікая вартаўнічая. Перад парадным фасадам палаца быў газон, акружаны стрыжанымі кустамі вечназялёнага самшыту; на газоне групамі раслі кусты, былі разбіты кветкавыя клумбы і рабаткі. Да партэра прымыкала вялікая паляна (цяпер стадыён), па яе восі праходзіла адна з перспектыў на р. Гайна, па баках якой, на ўзгорках, з аднаго боку расла вялікая група белых таполяў, з другога - елкі.
Каля берага Гайны сіметрычна размясціліся дзве паўкруглыя ​​групы ліп, якія падкрэслівалі перспектыву і адначасова ўмацоўвалі бераг. Ад палаца ўздоўж берага праз ахоплiваючыя паляну масівы праходзіў кальцавы прагулачны маршрут. Ён характарызаваўся больш рэдкімі пасадкамі дрэў мясцовых парод, скрозь якія праглядаліся зарэчныя левабярэжныя далечы і, люстэрка ракі.
У паўднёва-ўсходняй частцы сцяжынка прыводзіла да невялікага вадаёма каля ракі, якую карміла крыніца. Маршрут часткова праглядаецца і сёння, але густыя зараснікі зачыняюць далягляд.
У паўднёва-ўсходняй частцы парка захаваліся рэшткі замка. Добра захаваўся крапасны вал з стромкімі адхонамі, парослымі векавымі дрэвамі. На высокай тэрасе Гайны замак акружае канал. Былы замкавы двор служыў садам, а з валоў адкрывалася цудоўная панарама, паўнаводная Гайна.
Уязная алея праходзіла паміж садам, закладзеным на месцы былых сялянскіх двароў, і паркам.
Вельмі прыгожы выгляд адкрываўся з тэрасы і вокнаў унутранага боку палаца, адкуль ішло паніжэнне да маляўнічай сажалкі з цяністай зялёнай таполевай альтанкай.
У парку раслі дрэвы лісцяных парод: ліпа грубалістая, ліпа звычайная, клён серабрысты і татарскі, ясень пенсільванскі, явар, белыя таполі і дуб. Раслі і елі. На ўскрайку парка быў высаджаны пладовы сад.
З разбурэннем палаца паступова гінуў і парк. Ад яго ацалелі толькі асобныя фрагменты. Цяпер гэта гарадскі парк культуры і адпачынку. Распрацаваны праект абнаўлення парка.
Сярод паркау стаяў фамільны касцёл-пахавальня. Храм быў пабудаваны адначасова з палацам. Гэта было збудаванне з 2-схільным дахам, які над алтаром завяршаўся гранёным шатровым ліхтарыкам. Пад будынкам касцёла была вялікая крыпта-пахавальня, асветленая паўкруглымі вокнамі цокаля.
Несумненна, што ў тыя далёкія часы (XII ст.) у Лагойску ўжо існавала праваслаўная царква, магчыма размешчаная ў старажытным дзядзінцы.
У XIII ст. існаваў і кляштар Іаана Прадцечы (ён згадваецца ў грамаце аб дарэнні вялікім князем Ягайлам, які пасля Крэўскай уніі 1385 г. з'яўляўся адначасова і каралём Польшчы), свайму брату Свідрыгайлу г. Лагойска. Ягайла дапамагаў утрымліваць манастыр. Але пасля нападу татар у 1505 г. горад быў разбураны, спустошана была і замкавая Богаяўленская царква. Манастыр жа ў гэты час ужо не згадваецца.

Царква

У XVI ст. была яшчэ і Прачысценская царква, якая стаяла на ўзвышшы над рэчкай і была прыпіснай да замкавай. Калі паўнаўладным уладальнікам Лагойска стаў Васіль Тышкевіч (1532 г.), ён аднавіў Богаяўленскую царкву і пры ёй заснаваў манастыр, які дзейнічаў амаль 100 гадоў.
Пасля прыняцця Брэсцкай Уніі (1596 г.) многія праваслаўныя хрысціяне сталі адрыньвацца ўніятамі. Але Тышкевіч быў прыхільнік праваслаўя і не падтрымліваў уніятаў. У канцы 20-х гадоў XVII ст. у Лагойску пры пажары згарэлі замкавая Богаяўленская царква і манастыр. Замест іх пабудавалі новую - царкву Святога Мікалая, якую пасля смерці Юрыя Тышкевіча (калі яго нашчадкі змянілі праваслаўе), аддалі ўніятам.
1752 г. быў адкрыты Богаяўленскі базыльянскі манастыр, які ў пачатку ХIХ ст. прыйшоў у заняпад, а ў 1854 г. быў зачынены.
Упершыню згадваемая пад 1653 г. Свята-Мікалаеўская царква тройчы абнаўлялася. Да сярэдзіны ХIХ ст. яна і яшчэ дзве (Прэчысцінская і Спаса-Праабражэнская) вельмі струхлелі. Замест іх пабудавалі адзін мураваны храм у 1866 г. і асвяцілі яго ў гонар Св. Мікалая.
Храм пабудавалі на ўзвышшы, дзе спрадвеку стаяла Прачысцінская царква. Будынак царквы (асноўнага аб'ёму) у плане прамавугольны, з адным адкрытым купалам і званіцай на франтоне. Умяшчае адначасова каля 700 чалавек. Іканастас светла-блакітнага колеру з пазалочанымі карнізамі і рамамі. У ім 20 абразоў у два рады. Асабліва ўшанаваны абраз Божай Маці ў сярэбраным акладзе. На званіцы можа змяшчацца пяць званоў.
У канцы ХIХ ст. – пачатку ХХ ст. да гэтай царквы было прыпісана 7 могілкавых цэркавак.
У 1907 г. у храм вярнулася старажытная ікона Лагойскай Божай Маці, якая лічылася страчанай, якая шанавалася як цудатворная. Яна напісана на дошцы на залатым фоне са старажытнымі расліннымі арнаментамі чаканай працы. На ёй Маці Божая дабраслаўляе дзвюма рукамі (а не адной). Выратавальнік не ў хітоне (як гэта прынята), а ў дзіцячай кашулі з зашпількай-стужачкай на каўнеры. У вопратцы Найсвяцейшай Дзевы няма звычайных нарукаўнікаў. Сонца - у выглядзе белага круга з 26-ю прамянямі, на галаве Багародзіцы карона, зорка іх - з вельмі дробных карункаў, што сустракаецца рэдка. Жывапіс іконы несумненна мясцовы, заходнерускі. Надпісы на іконе звычайныя, грэцкія. Абраз падвяргаўся даволі грубай рэстаўрацыі. Лічылася, што яна - асколак праваслаўя на Лагойшчыне. З распаўсюджваннем уніяцтва яна перайшла да новых уладальнікаў і яшчэ на пачатку ХIХ ст. захоўвалася ў Богаяўленскім базыльянскім манастыры, адкуль трапіла да Тышкевічаў, а ад іх - да Татур, затым - вернута храму.
У 1917 – 1927 г. храм яшчэ дзейнічаў. У канцы 20-х гадоў настаяцеля храма Васіля Вержбаловіча арыштавалі і саслалі ў лагеры, з якіх ён выйшаў толькі перад пачаткам вайны. У зачыненай царкве быў склад збожжа.
У 1941 г. вернікі адкрылі храм, у яго вярнуўся пробашч Васіль.
У 80-я гады мінулага стагоддзя сцены царквы выдатна распісаны майстрамі-іканапісцамі з Сергіева Пасада. Роспіс алтара - тэма святой Эўхарыстыі, храма - Апакаліпсіс. Сярод шматлікіх выяў ёсць абліччы беларускіх святых. Ніводны храм у Мінскай епархіі не мае такога багатага роспісу.
Храм падзелены на 2 часткі: меншая - зімовая (цёплая), вялікая - летняя. Пры храме - сястрынства ў гонар Лагойскага абраза Божай Маці «Знаменне», працуе нядзельная школа.
Каля падножжа царквы - крыніца з гаючай вадой, асвечанай мітрапалітам Філарэтам і купальня. Гаспадарчая рука зрабіла каля яе ўслончыкі, драўляны масток, пасадзілі дрэвы, на гары паставілі альтанку. На адным з трох камянёў – валуноў прымацавана мемарыяльная дошка з надпісам: «Лагойская крыніца Свяціцеля Мікалая – гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння. Ахоўваецца дзяржавай з 1998 г.» Гаючыя лагойскія воды вядомы ўжо даўно. «Карысць гэтых вод даказана досведам. Да іх летам прыязджаюць ... многія хворыя, ... і большая частка з іх пасля двухмесячнага лячэння вяртаецца дадому зусім здаровымі» (Шпілеўскі П.М. «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» Мн; 1992 – с. 174.). Калісьці на Лагойшчыне было шмат цэркваў. Горад быў цэнтрам буйной парафіі, а цяпер застаўся толькі гэты храм - Свята-Мікалаеўскі, пабудаваны ў 1866 г.

Касцёл

Сучасны касцёл Св. Казіміра, пабудаваны ў 1998 г. на месцы, дзе стаяў, пабудаваны ў 1604 г. Заснаваў яго Аляксандр Тышкевіч.
У 1654 г., падчас вайны ВКЛ з Масковіяй, касцёл быў спалены, але неўзабаве зноўку адбудаваны.
У 1708 г. святыню знішчылі шведы. Праз 70 год пасля разбурэння за яго аднаўленне ўзяўся Антоній Тышкевіч. Скончыў будаўніцтва ў 1791 г. яго сын Вінцэнт. У тым жа годзе касцёл быў асвечаны.
У 1806 г. Пій Тышкевіч упрыгожыў франтон храма гадзіннікам, узятым з мясцовай ратушы. Касцёл быў адным з найстарэйшых фамільных магільных склепаў у Беларусі. Разам са сваімі продкамі там быў пахаваны і адзін з апошніх уладальнікаў Лагойска - Канстанцін Тышкевіч, але не ў крыпце, а каля касцёла.
Касцёл праіснаваў да сярэдзіны XX стагоддзя. А пасля быў, як часта здаралася, - пакутлівы шлях у нябыт. Ад старажытнай святыні амаль нічога не засталося. Аб ёй нагадвалі толькі сляды бутавай касцёльнай агароджы, ды дрэвы - камлюкавыя клёны, самотны ясень. А каля самага берага ракі Гайны – два буйныя дрэвы ліпы ва ўзросце звыш 200 гадоў. Ад гістарычнай крыпты захаваліся толькі шматлікія валуны.
У канцы 80-х гадоў мясцовыя каталікі паставілі на месцы касцёла крыж і пачалі маліцца і змагацца за права ўзвесці на гэтым месцы храм. Але згодна з планам развіцця горада тады тут планавалася ўзвядзенне другой чаргі гандлёвага цэнтра.
28 лютага 1991 г. пры садзейнічанні тагачаснага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча гарадскімі ўладамі было прынята рашэнне аб перадачы гэтага зямельнага ўчастка Лагойскай рымска-каталіцкай парафіі Св. Казіміра.
З гэтага часу пачаўся новы этап у жыцці лагойскіх каталікоў. Па праекце архітэктара М. Калечыца ў 90-х гадах ХХ стагоддзя пачаў будавацца новы храм. У яго падмурак была закладзена гранітная пліта старога касцёла са словамі яго асвячэння 6 снежня 1796 года. У двары касцёла ўсталяваны помнік з шэрага граніту Канстанціну Тышкевічу, які часткова захаваўся. На гэтым помніку няма эпітафіі, толькі прозвішча і гады жыцця.
Цяпер у касцёле служыць ксёндз Рышард (у мінулым місіянер ордэна Святой сям'і). Ён нарадзіўся, жыў і вучыўся ў Польшчы і марыў аб місіянерскай дзейнасці дзе-небудзь вельмі далёка, напрыклад, у Папуа-Новай Гвінеі. Але воляю лёсу рашэнне змяніў (з Беларусі прыехаў аднакурснік, расказаў, наколькі неабходны там ксяндзы). Вывучыў беларускую мову ў сябе ў Польшчы, у мястэчку Святая Катажына пад Кельмі, пасля чаго атрымаў накіраванне ў Мінск, потым у Лагойск.
Ксёндз Рышард з удзячнасцю гаворыць аб дапамозе арцыбіскупа Казіміра Свёнтака, аб падтрымцы свайго правінцыяла айца Рабія, місіянераў Ордэна Святой Сям'і, замежных каталіцкіх арганізацыях Аўстрыі і Германіі, якія аказалі фінансавую дапамогу ў будаўніцтве касцёла, а таксама архітэктары, а таксама архітэктары М. Калечыцы і будаўніках Лагойскай ПМК-198, якія вельмі адказна ставіліся да сваіх абавязкаў. Марыць ксёндз Рышард аб тым, каб касцёл заўсёды быў поўны людзьмі. І няхай ніколі не спасцігне гэты храм лёс яго папярэдніка. І няхай ніколі надалей чалавечая рука не замахнецца на Святыню.

Гаспадарчыя пабудовы

Пра часы Тышкевічаў у Лагойску нагадваюць яшчэ некалькі будынкаў.
Адзін з іх - драўляны будынак былой фабрыкі льняных і баваўняных вырабаў. Прадпрыемства было заснавана Канстанцінам Тышкевічам у 1837 годзе. Будынак, які прастаяў больш за паўтара стагоддзя, сёння яшчэ мае параўнальна добры выгляд. Ён стаіць на высокім бутавым падмурку, складзена з бруса, у плане Г-падобны. Асноўны аб'ём - аднапавярховы (26,5-16,5 м), бакавы - двухпавярховы з верандай. Франтон веранды ўпрыгожаны разным узорам. Заснаваная ў 30-я гады XIX стагоддзя, да 50-х гадоў фабрыка налічвала 50 станкоў, на якіх у год выраблялася ад 800 да 900 аршын папяровых і льняных тканін на суму ад 20 да 25 тысяч рублёў срэбрам. Ільняная пража для фабрыкі закуплялася ў Мінскай губерні, а папяровая выпісвалася з Англіі (з Манчэстэра).
Пазней будынак фабрыкі быў аддадзены пад яўрэйскую, а затым - беларускую школу. Цяпер прыстасаваны пад жыллё. У якасці жылой хаты выкарыстоўваецца і былая стайня, складзеная з бруса, падоўжаная (54х11 м), прастакутная ў плане, на каменным падмурку.
З будынкаў пазнейшага часу, пабудаваных таксама ў простых формах утылітарнай архітэктуры, захавалася пабудова амаль квадратная ў плане (8х9 м). Яе глыбокі склеп з бута служыў лядоўняй, першы паверх - складам прадуктаў, верхні - вэнджаніны.
Вялікі гаспадарчы двор размяшчаўся ізалявана. З парадным дваром яго злучала доўгая ліпавая алея, якая добра захавалася.

Last modified on 06.05.2022